![]() | |
|
Гляджу вонкі праз шчыліну ў офісных жалюзі і ўзгадваю Ранеўскую: - Я ізноў хачу ў Парыж.. - А Вы былі ў Парыжы? - Не. Але я ізноў туды хачу... І я ізноў хачу хоць куды-небудзь. Добра, каб у горы. Тым летам, седзячы на нейкай безыменнай (а можа, гэта я не запомніла яе імені) карпатскай горачцы каля Яремче, на вялізным нагрэтым камені, які чамусьці мясцовыя называлі Білым, хаця ён быў самым шэрым з усіх шэрых камянёў, мы з Зосяю глядзелі на мурашнік, у які ператварылася мястэчка і на мурашыную дарожку на Івано-Франківск. Зося сказала тады, што разумее, як адчуваюць сябе горкі, калі глядзяць зверху на чалавечы гармідар, і мы вырашылі, што на горачцы таксама становімся дзьвюма шэрымі горачкамі, таму больш маўчым і менш мітусімся. вось туды, у тое адчуванне сябе-як-горачкі, цяпер, за два тыдні да адпачынку, вельмі хочацца вярнуцца. |
|
![]() | |
|
Бываюць іншыя дні, Калі ўнутры Вялікай вільготнай рыбінай б’ецца Сэрца. Цягне тванню з-пад кожных дзвярэй І з-пад кожных павекаў, Цвіллю зацягвае зрэнкі і вокны суседзяў зверху. Тонкія стрэлкі аеру Пускаюць свае карані Ў ванным пакоі. Калі хочацца кавы з ванільным цукрам, А табе прапануюць «кофе», І дождж за вакном усё ліецца. І рыбіна ў табе Выбівае Хвастом Скерца І губляе срэбныя лускі. Яны кладуцца Адна на адну, на дно, на жаль Не стае ліхаманкі срэбнай, Каб хоць камусьці была карысць. Застаецца адно перажыць Гэтую рыбіну У сабе: Загаладзіць яе, задушыць яе, засушыць, Выпусціць у мора — там ёй і мейсца, Стужкай перавязаць і падараваць урэшце, Пазбыцца Нават успаміну аб ёй, вільготнай і слізкай, Зарасціць гэты шнар І засадзіць кіпарысамі. Усё! Сёння Час на іншае. Ужо наліліся квеценню зарасці бэзу, Распачаліся цудоўныя дні, Духмяныя поўдні, росныя ранкі, У Менску пачаўся Парыж, Раптоўна здарыўся. Напоўніў алеі ў парках, Скразныя аркі ў ар-дэко, Ваду у Свіслачы Ператварыў у віно, Заблытаўся У вузкіх францускіх вокнах І ў вуснах, якія шэпчуць, Што адчуваюць Сонца ў сабе, У табе, У сэрцы. |
|
![]() | |
|
|
|
![]() | |
|
Эх, даюцца мне ў знакі мае вандроўкі: па голасе мяне цяпер пазнаць вельмі цяжка, бо гавару выключна ў нос, і па выглядзе таксама не пазнаць, бо вышэй узгаданы нос пачырванеў і распух, і адмаўляецца выконваць свае насовыя функцыі. Вось нутром адчуваю, што ёсць тэмпература, а тэрмометр з працоўнай аптэчкі адмаўляецца мне верыць. Хацела з такой |
|
![]() | |
|
Вільня. Ужо заўтра. Не магу дачакацца. |
|
![]() | |
|
|
|
![]() | |
|
|
|
![]() | |
|
На вёсцы. Мужык павёз на базар прадаваць свінню: пасадзіў у клетку на воз ды выправіўся. з'ездзіў удала і на радасцях так абмыў продаж, што сам улезці на воз ужо ня мог. Людзі паклалі яго ў тую ж клетку, каб ня выпаў, і пусцілі каня па дарозе - павінен памятаць дарогу дамоў. Тым часам ужо звечарэла, жонка пачала хвалявацца: дзе падзеўся мужык. Папрасіла старэйшага з дзяцей пайсці на дарогу выглядаць, ці ня едзе. Дзіцё праз нейкі час ляціць: Мама! Свіння прыехала, а бацькі няма! нажаль, занадта жыццёвае. убачыла нядаўна статыстыку, згодна з якой Беларусь перайшла мяжу па літрах алкаголю на душу насельніцтва, пасля якой пачынаецца разумовая дэградацыя нацыі. |
|
![]() | |
|
|
|
![]() | |
|
Неўсталяванасць гэтага гораду Узрушае пачуцці і стыне У галовах, працятых холадам, Паміж прагай свабоды і голадам Падсвядомай камечанай плынню. Крэскі рэзкіх абрысаў вяжуць, Намярзаюць шурпатым покрывам, Прыціскаюць, ламаюць, пляжаць: Выглядай міласэрнасць у мажным, У сталёва-бетонным дотыку. Лабірынты блытаюць, дужаюць, Падрабляюць надзею на выйсце, Думкі ірвуцца газетнымі стужкамі, Трапяткімі ссівелымі птушкамі Ападаюць у снежны прысак. Прапануе атожылкі лёсаў Тут, на ходніку шэрым, патрэсканым, Горад — увішны гандляр і босы. Ён таўчэ ступакамі вобзем Затаптанае, сцятае “ўвесну”. |
|
![]() | |
|
Чалавечая гліна Да гэтай мажнасьці б – ды мужнасьці, да моцы цела – моцы б духу, – і хто б тады засумняваўся у ветласьці, якой ты поўны, у шчырасьці, якой адметны, у пасьлядоўнасьці тваёй? Ах, каб жа гліна чалавечая ды не ўміналася ад ціскаў, – як бы запаважаў сябе ты, як бы звысакароднеў сьвет!.. Ніна Мацяш |
|
![]() | |
|
Сёння ўночы памярла Ніна Мацяш. Вечны супакой дай ёй, Пане, і Святло вечнае няхай ёй свеціць+ |
|
![]() | |
|
Дыялогі І кажаш ізноў: лістапад - гэта заўсёды цяжка, І мне лістападнае неба таксама цісне на плечы, Няпроста з ім гаварыць - такім набрынялым, важкім, Абсурдна: ад лістападу па лістападзе бегчы. Бясконцыя дыялогі наканавана вытрымаць, І лепей бы мне маўчаць, а я гавару, гавару... Цяжка стрываць травой, калі столькі трэба выказаць, Вазьму , і на падваконні ў імбрыку пасаджу Лепей - вішнёвую костку, скрываўленую і цвёрдую, Няхай яна прарасце, калі будзе цемра і ноч, А раніцай будзе лёгкі вішнёвае кавы водар І снег, таксама вішнёвы, дзе сонца прайшло наўзбоч. Спытай яе: чаго вартая поўная шклянка роспачы, І колькі анёлаў змесціцца на вейках тваіх у сне. Скрываўленая, пунсовая, вішнёвая цвёрдая костачка Пад тонкім празрыстым вэлюмам у сэрцы маім жыве. лістапад 2008 |
|
![]() | |
|
- - - Пішы мне, добра, пішы, ну хоця ж бы зрэдку, Я бачыла сёння гілёў і ў футры суседку, Гілі чырванелі на дрэвах у чаканні снегу, Суседка змаўчала - ужо дачакала, пэўна. А пальцы сумуюць па тонкіх аркушах паперы, А ў скрынцы жыве бюлетэнь на аплату кватэры, А ў скрынцы жыве запрашэнне на нейкія курсы І чорны павук, незвычайна нахабны і тлусты. Чым пахнуць лісты? Нетрывалай кастрычніцкай нотай, Ільняным алеем, смугой, і яшчэ адзінотай. Твае - яшчэ маюць адценне сагрэтых далоняў І злёгку - парфумы, што модная ў гэтым сезоне. Пішы мне лісты - не тырань электронную скрынку - Кампутар вісіць пад дэвізам "ня здамся дажынкам!". Пішы мне - давай у знак пратэсту, насупраць, наўзаем Аблезлы паштамт лістападам па вокны завалім. лістапад 2007 |
|
![]() | |
|
Супрацоўнік расказаў: ішоў па вуліцы, сустрэў бацьку з малым дзіцёнкам, можа, трох гадкоў. Бацька казаў малому: "Лингвистика начинается там, где получается всякая ерунда..." будучы па спецыяльнасці лінгвістам, задумалася... |
|
![]() | |
|
раблю праўку. перакладчык піша: "... споткнулся о лужу с водой..." Па-мойму, геніяльна.))) |
|
![]() | |
|
Шаноўнае спадарства, падкажыце, калі ласка, дзе знайсьці інфу па раманскім стылі ў архітэктуры на Беларусі (у прыватнасьці, кляштары, санктуарыі, але іншае таксама можна). Ці ёсьць у нас такое? Ці было, і дзе было? Спасылкі толькі вітаюцца. Чым больш, тым лепш))))Загадзя вялікі дзякуй! |
|
![]() | |
|
Пашарсьціць апалым лісьцем, Пазьвінець ключмі ў кішэні, Пашукаць дарэмна выйсьця У кірунку “асабістасьць”. Назбіраць каштанаў у жменю, Назбіваць у туфлях ногі, Наварыць сабе варэння З лета ценяў – лету-ценняў. Разабраць у стале шуфляды, Перагледзець фотаздымкі, Дачакацца ацяпленьня, Не хадзіць па доме босай, Зачытацца Іліядай, Вынуць шалікі са скрынкі, Дачакацца ацяпленьня, І забыць, што гэта восень. |
|
![]() | |
|
Да ночы грызла чужыя вершы – У цябе занурыцца як у падушку,І не здзіўляйся, мая самота – Дабранач таму, хто ня вытрываў першы, Згубіўшы нітку сваёй адзіноты. Згубіўшы нітку майго маналогу, Згубіўшыся ў нетрах маіх лябірынтаў, Ды што пра мяне – патрывай нядоўга, Мая самота, яшчэ хвілінку. Пабудзь хоць крышку маёй самотай, І ціха-ціха, амаль употай Расказваць страхі свае на вушка: Баюся цёмных двароў, баюся Сабакаў вулічных і гасьцініцаў. Мая самота, яшчэ баюся Цябе аднойчы няўсьцям пазбыцца. 24.09.08 |
|
